Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таемны запіс. Пасьля беларускай канфэрэнцыі ў Варшаве ўзьнік скандал вакол парушэньня правілаў бясьпекі


На чацьвёртай Канфэрэнцыі беларусаў сьвету ў Варшаве, 24 траўня 2025 году
На чацьвёртай Канфэрэнцыі беларусаў сьвету ў Варшаве, 24 траўня 2025 году

Падчас беларускай канфэрэнцыі ў Варшаве адзін з удзельнікаў спрабаваў весьці запіс абмеркаваньня ў малой групе, хоць іншыя былі супраць. Свабода пагаварыла з удзельнікамі гісторыі.

Што адбылося

З 23 па 25 траўня ў Варшаве праходзіла IV Канфэрэнцыя беларусаў і беларусак сьвету — пляцоўка, якая зьбірае дыяспару, ініцыятывы і арганізацыі для супольнай працы, нэтворкінгу і абмену досьведам.

Інцыдэнт здарыўся 24 траўня падчас працы ў групах. Панэль, дзе абмяркоўвалі дапамогу палітвязьням, рэпрэсаваным, добраахвотнікам ва Ўкраіне, мадэраваў кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак. У групе былі каля 20 чалавек, у тым ліку былыя палітвязьні. Сярод іх — блогер Сяргей Пятрухін. Ён вёў з канфэрэнцыі відэастрымы ў YouTube па некалькі гадзінаў.

Як бачна ў адным з такіх відэа, перад пачаткам абмеркаваньня тэмы панэлі Стрыжак прапанаваў некалькі правілаў, прыкладам, выказвацца пасьля паднятай рукі. Была таксама прапанова ня весьці стрымы, запісы, фота, відэа абмеркаваньня, каб група працавала больш спакойна і ўпэўнена з сырымі ідэямі. А ўжо вынікі працы ў коле ён прапаноўваў вынесьці на форум.

Сяргей Пятрухін
Сяргей Пятрухін

У гэты час Пятрухін вёў жывы эфір з панэлі ў YouTube. На ягоным відэа не відаць, каб прысутныя выказваліся супраць прапановаў Стрыжака, некаторыя ж пацьвердзілі, што яны супраць запісаў. На заўвагу з групы, што Пятрухін працягвае весьці запіс, ён адказаў, што яму «ўсё роўна» (здымаць ці не здымаць), і працягнуў стрым. Таксама ён запэўніў, што можа не здымаць удзельнікаў панэлі, пры гэтым правёў камэру па коле, паказаў, хто сабраўся, а толькі потым пераключыў відэа на сябе.

«Я прапаную весьці стрым, бо нас глядзяць людзі, сорак чалавек. Ім гэта цікава, і трэба паважаць. Мы адкрытае грамадзтва будуем, і павінна быць усё празрыста», — заявіў Сяргей Пятрухін.

За тры дні гэты стрым паглядзелі 2,7 тысячы чалавек. На заўвагу Пятрухіна «Мы працуем для людзей» адна з удзельніц групы адказала: «Мы таксама людзі».

Праца ў групах на канферэнцыі
Праца ў групах на канферэнцыі

Урэшце Стрыжак як мадэратар папрасіў Пятрухіна пакінуць групу, матывуючы гэта тым, што іншым удзельнікам «некамфортна працаваць». Блогер абурыўся. У групе прагучалі галасы як «супраць здымкі», так і «ўсё роўна». Блогер папрасіў, каб людзі выказаліся, калі яны супраць, хоць яны ўжо і так выказаліся.

Пятрухін паўтараў: «Вы ня група», прапаноўваў прагаласаваць. Яму адказвалі, што калі хаця б адзін супраць, то варта спыніць здымку. Ён жа пытаўся, хто ўвёў такія правілы і дзе яны запісаныя. Стрыжак адказаў, што прапанаваў правілы ён як мадэратар.

Пятрухін скардзіўся некаму, нібыта Стрыжак выклікае на яго ахову. Розныя людзі з групы шмат разоў прасілі блогера спыніць стрым або пайсьці з групы. Перамовы доўжыліся прыкладна пяць хвілін. Урэшце блогер выключыў жывы эфір.

Патаемны аўдыёзапіс

Андрэй Стрыжак у размове з Свабодай патлумачыў, што называе гэтую сытуацыю не канфліктам, але інцыдэнтам з запэўненьнем бясьпекі. Ён нагадаў, што працоўных групаў было некалькі, кожны мог абраць, куды далучыцца. Стрыжаку загадзя прапанавалі мадэраваць працу ў групе.

Андрэй Стрыжак на канферэнцыі
Андрэй Стрыжак на канферэнцыі

«Да гэтай групы далучыўся Сяргей Пятрухін, які прыйшоў з сваім стрымам. На гэта частка ўдзельнікаў і ўдзельніц адразу заявілі, што яны не гатовыя працаваць у вузкім коле пры запісе і трансьляцыі на ўвесь сьвет. З увагі на тое, што група прымае правілы сваёй працы аднагалосна, я як мадэратар мусіў правесьці гэтае рашэньне. Група вырашыла такім чынам, і мы гэтае рашэньне прынялі, на што Сяргей гучна абураўся», — узгадвае Стрыжак.

Ён адзначае, што Сяргей Пятрухін урэшце выключыў стрым і схаваў тэлефон. Але празь нейкі час адна з удзельніц заўважыла, што Пятрухін патаемна вядзе аўдыёзапіс.

«Гэта ніяк ня можа быць абгрунтавана патрэбамі празрыстасьці ці адкрытасьці працэсу. Бо калі ты ўдзельнічаеш у працы групы, то ты або падпарадкоўваесься правілам, якія ў яе ёсьць, або ў ёй ня ўдзельнічаеш. Ён меў магчымасьць пайсьці ў іншую групу або стаяць недзе там з камэрай, паказваць, як ідзе агульны працэс», — камэнтуе Стрыжак.

Ён кажа, што мусіў спыніць працу групы да вычарпаньня інцыдэнту.

«Быў закліканы прадстаўнік арганізатараў, які настойліва прапаноўваў адключыць і выдаліць. Ці быў выдалены гэты запіс, я не магу ні пацьвердзіць, ні зьняпраўдзіць, бо я ня бачыў сховішча гэтага тэлефона. Я як мадэратар гэтай панэлі павінен быў паведаміць пра гэтую сытуацыю, каб усе людзі, якія будуць мець працоўныя дачыненьні з гэтым чалавекам, ведалі пра такую акалічнасьць і асаблівасьць», — кажа Стрыжак.

Мадэратар групы адзначае, што вынікі групавой працы былі публічнымі, іх агучылі ў тым ліку на стрыме Пятрухіна.

«Пытаньне толькі ў тым, што чалавек сьвядома парушыў пагадненьні, якія існавалі ў групе, і для яго гэта ня стала абмежаваньнем для вядзеньня патаемнага, несанкцыянаванага запісу», — адзначае Стрыжак.

Паводле яго, такія паводзіны ўдзельніка групы сьведчаць, што чалавек грэбуе агульнымі дамоўленасьцямі і будзе імкнуцца дасягнуць сваёй мэты, для Андрэя Стрыжака «не да канца зразумелай».

«Я разумею, навошта весьці стрым: каб паказаць, што адбываецца. Навошта весьці аўдыёзапіс працэсу, я не разумею, якая можа быць зацікаўленасьць у абмеркаваньнях дастаткова чульлівых тэмаў, для чаго гэта рабіць і як гэта можа быць выкарыстана. У мяне няма на гэта адказу. Я лічу, што гэта правакацыя. Гэта можа быць несанкцыянаваны збор інфармацыі. Для чаго?» — разважае суразмоўца.

«Недапушчальныя практыкі»

На думку Андрэя Стрыжака, у будучыні варта ўводзіць агульны рэглямэнт паводзінаў журналістаў і блогераў на падобных падзеях. Часам арганізатары забараняюць весьці стрымы ўсім, акрамя прадстаўнікоў арганізатараў. Ён адзначае, што звычайна на падобных імпрэзах ужываюць каляровыя знакі для ідэнтыфікацыі людзей, якіх нельга здымаць і запісваць. Такія правілы адразу даюць зразумець, што можна, а што не.

Андрэй Стрыжак кажа, што Сяргея Пятрухіна ня выдалілі з групы, бо ён як мадэратар ня меў на гэта інструмэнтаў, а мог толькі паклікаць арганізатараў.

«Арганізатары што зрабілі, тое зрабілі. На большае ў мяне не было паўнамоцтваў, бо я не гаспадар гэтай імпрэзы. Я быў запрошаны прамадэраваць. Калі б гэта была мая падзея, былі б вельмі дакладныя і ясныя правілы. Пры парушэньні гэтых правілаў чалавек ня можа далей удзельнічаць», — заўважае ён.

Суразмоўца мяркуе, што нельга выключыць усе пагрозы бясьпекі.

«Мы разумеем, што працуем у таксычным асяродзьдзі, цікавым для сілавікоў. Любы чалавек можа весьці такі патаемны запіс. Але калі мы бачым і дакладна, умоўна кажучы, за руку ўзялі таго, хто такое робіць, гэта абавязкова трэба агучваць і падкрэсьліваць, што гэта недапушчальныя практыкі, каб яны ня сталі новай нормай», — адзначае Стрыжак.

«Больш жорсткія захады канфідэнцыйнасьці»

Адна з удзельніц гэтай панэлі псыхоляг Натальля Скібская падзялілася з Свабодай сваім бачаньнем інцыдэнту. На ейную думку, Андрэй Стрыжак добра мадэраваў групу, адразу абазначыў межы, прагаварыў правілы. Паводле яе, гэта група выказалася супраць здымкі, а не мадэратар.

Натальля Скібская
Натальля Скібская

Як патлумачыла суразмоўца, на панэлі абмяркоўвалі станоўчыя прыклады дапамогі палітвязьням, вырашэньня іхных праблемаў, якія ня варта было разгалошваць, інакш гэта магло б нашкодзіць як пэўным людзям, так і справе агулам. На думку ўдзельніцы, Пятрухін правакаваў Стрыжака.

Адна з удзельніц заўважыла, што Пятрухін прыхавана працягваў запісваць абмеркаваньне на дыктафон пасьля таго, як выключыў відэастрым, узгадала Скібская. Яна адзначыла, што ў сытуацыі ўрэшце разьбіраўся адзін з арганізатараў канфэрэнцыі. Ён прасіў Пятрухіна паказаць тэлефон, каб пераканацца, што той выключыў запіс.

«Андрэй адстойваў інтарэсы іншых удзельнікаў панэлі. Адна дзяўчына ўвогуле была разьюшаная тым, што вёўся запіс. Гэта было вельмі брыдка і непрыгожа», — кажа Натальля Скібская.

Паводле суразмоўцы, у канцы працы панэлі Сяргей Пятрухін хацеў яшчэ зрабіць фота ў групе.

«У сытуацыі такой небясьпекі чалавек кажа, што ўсё мусіць быць галосна, каб усе чулі, ведалі. Не забываймася, што сам факт удзелу ў такой канфэрэнцыі можа быць небясьпечным. Супраць нас вядзецца вайна. Апублічваць усё ў такі момант нельга», — кажа ўдзельніца канфэрэнцыі.

Скібская адзначае, што праз інцыдэнт з Пятрухіным група страціла час на працу. Яна лічыць такія ягоныя паводзіны непавагай да групы.

На думку псыхоляга, сама гэтая сытуацыя стала вынікам спробы быць дэмакратычнымі і адкрытымі. Але, паводле яе, у падобных сытуацыях, калі магчымыя правакацыі, варта заставацца больш закрытымі, трымаць свае межы, спыняць людзей.

«Калі б я магла вырашаць, як гэта рабіць, то я ўводзіла б больш жорсткія захады канфідэнцыйнасьці… Мы павінны рабіць высновы пра такіх людзей», — мяркуе Натальля Скібская.

Свабода таксама зьвярнулася па камэнтар аб сытуацыі, якая склалася, да самога Сяргея Пятрухіна. Ён атрымаў паведамленьне ад рэдакцыі, аднак не адрэагаваў на яго.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG