Урад Беларусі зьняў забарону на ўвоз і продаж у краіне некаторых прадуктаў з так званых «недружалюбных краінаў».
Ня будзе дзейнічаць забарона на ўвоз і рэалізацыю на тэрыторыі Беларусі бульбы, рэпчатай цыбулі, капусты сьвежай белакачаннай і яблыкаў, якія паходзяць зь «недружалюбных краінаў», уключаючы ўсе дзяржавы Эўразьвязу.
У паведамленні ўраду гаворыцца, што гэта адказ на чарговыя санкцыі ЭЗ, прынятыя на мінулым тыдні. Эўрапарлямэнт ухваліў праект рашэньня аб увядзеньні павышаных мытных пошлін на ўвоз у ЭЗ сельскагаспадарчай прадукцыі зь Беларусі.
Прадуктовае эмбарга на шэраг прадуктаў зь «недружалюбных краінаў» Лукашэнка ўвёў з 1 студзеня 2022 году, пазьней яго некалькі разоў працягвалі, а сьпіс тавараў карэктавалі.
У Беларусі дзейнічаюць строгія правілы стрымліваньня цэнаў. Незалежныя эканамісты крытыкуюць такі крок ураду, гаворачы пра тое, што гэта імкненьне ўладаў «зацыраваць» дзіркі, пакінутыя сваімі памылкамі ў эканамічным плянаваньні.
Напрыклад, старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC, эканаміст Зьміцер Крук у размове з журналістамі Свабоды называў сапраўдныя прычыны дэфіцыту бульбы і цыбулі ў Беларусі. Ён лічыць гэта непасрэднымі наступствамі ўказу пра стрымліваньне цэнаў, які моцна шкодзіць эканоміцы і разьвіцьцю дзяржавы.
Форум